
проза
сад[ॐ]
Григорий Комлев
![сад[ॐ]](/media/covers/5eb5a6f195b718c6/480.webp)
01
апісаньне
Раман — пра дарогу, пра псыхіятрычную клініку пасярод пустога сьвету, пра людзей, якія спрачаюцца, ці можна забіваць, і пра тых, каго тым часам забіваюць. Пра лекара, які вырашыў, што яму ўсё дазволена, і салдата, які вырашыў тое самае. Пра мэдсястру, якая марыла пра ўладу і дачакалася сваёй гадзіны. Пра жанчыну, якая паступова губляе імя — літара за літарай, — пакуль не рассыпаецца ў сузор’е зорачак па старонцы. І пра каханьне, якое ў гэтым рамане падобнае да спробы ўтрымаць пясок у жмені: ты сьціскаеш — а ён сыплецца скрозь пальцы і забіваецца ў туфлі. Тут ёсьць песьні — вартыя жалю, крывыя, забойча дакладныя. Іх сьпявае гераіня, якая сьпявае заўсёды, нават калі сьпіць, нават калі яе кормяць сілком: свабода гэта балюча здароўе гэта рабства ува мне зьвілі гн*зды зьвялі мае царствы Тут ёсьць маналёг салдата, ад якога хочацца праветрыць пакой, і маналёг брата, які едзе цягніком, п’е гарбату з пакеціка і думае: «здаровыя плацяць за хворых, пакуль хворыя ратуюць сьвет». Тут ёсьць таксіст, які адзін варты ўсёй антыпсыхіятрычнай бібліятэкі. І ёсьць пэрсанаж, які стаіць ля вазона і маўчыць амаль увесь раман, а потым прамаўляе: «мы можам забіць усіх», — і ніхто ня памятае, калі ён міргаў апошні раз. Назва — чатыры сэнсы ў адным слове: сад, Сад, САД (стацыянар антыпсыхіятрычнай дыягностыкі) і ॐ — сьвяты склад, якім індуісты вітаюць вечнасьць. Аўтар, здольны ўпакаваць столькі ў адно слова, — альбо геній, альбо шарлатан, а трэцяга ня дадзена. Але трэцяе і не патрэбнае — бо менавіта з гэтых двух і складаецца сусьветная літаратура.
02
яшчэ



