Адны кажуць, што слова «одрадэк» мае славянскае паходжаньне і спрабуюць на падставе гэтага растлумачыць ягоны сэнс. Іншыя мяркуюць, што яно нямецкае і ўсяго толькі зазнала славянскі ўплыў. Няпэўнасьць абодвух тлумачэньняў дазваляе зрабіць справядлівую выснову, што ніводнае зь іх не ёсьць дакладным, пагатоў ні першае, ні другое не даюць рады значэньню гэтага слова.
Вядома, ніхто ня стаў бы займацца такімі дасьледаваньнямі, калі б сапраўды не існавала на сьвеце істоты на імя Одрадэк. На першы погляд яна падобная да плоскай шпулькі для пражы, у форме зоркі, і напраўду здаецца, што яна абцягнутая пражай; аднак гэта ўсяго толькі нейкія заблытаныя і зваляныя абрыўкі размаітых каляровых нітак. І ўсё ж гэта ня толькі шпулька: з цэнтра зоркі тырчыць палачка, а да гэтай палачкі прымацаваная пад прамым вуглом яшчэ адна. З дапамогай гэтай апошняй палачкі з аднаго боку і аднаго з промняў зоркі з другога ўся канструкцыя можа стаяць вэртыкальна, быццам на дзьвюх нагах.
Само сабой прыходзіць на думку, што гэтае стварэнне мела раней нейкую мэтазгодную форму, а цяпер проста паламалася. Але, здаецца, гэта не наш выпадак; прынамсі, ніякіх прыкмет паломкі на ім няма: нідзе не відаць ні зломаў, ні трэшчын, якія б на гэта ўказвалі; пры ўсёй, здавалася б, недарэчнасьці цэлага ў ім ёсьць свайго роду завершанасьць. Падрабязней распавесьці пра яго нельга, бо Одрадэк надзвычай рухавы і злавіць яго немагчыма.
Ён бывае папераменна то на гарышчы, то на сходах, то ў калідорах, то ў перадпакоі. Часам яго не відаць месяцамі; напэўна, тады ён перасяляецца ў іншыя дамы; але потым ён нязьменна вяртаецца ў наш. Час ад часу, калі выходзіш за дзверы, а ён якраз прыхінуўся ўнізе да парэнчаў, хочацца загаварыць зь ім. Вядома, яму не задаеш складаных пытаньняў, зь ім размаўляеш — на гэта спакушае сама яго мізэрнасьць — як з малым дзіцем. «Як жа цябе клічуць?» — пытаешся ў яго. «Одрадэк», — кажа ён. «А дзе ж ты жывеш?» — «Бяз пэўнага месца жыхарства», — кажа ён і сьмяецца; але гэта такі сьмех, якім сьмяюцца, ня маючы лёгкіх. Ён гучыць прыкладна так, як шолах апалай лістоты. На гэтым гутарка звычайна і канчаецца. Дарэчы, нават такія адказы атрымаеш не заўсёды; часта ён доўга маўчыць, як кавалак дрэва, чым ён, здаецца, насамрэч і ёсьць.
Дарэмна я пытаю сам сябе, што зь ім станецца далей. Няўжо ён можа памерці? Усё, што памірае, мела раней нейкую мэту, вяло нейкую дзейнасьць і ад гэтага зношвалася; пра Одрадэка такога ня скажаш. Дык, значыць, ён яшчэ будзе калі-небудзь скочвацца з лесвіцы пад ногі і маім дзецям, і дзецям маіх дзяцей, валочачы за сабой нітку? Ён жа відавочна нікому ня робіць шкоды; але ўяўляючы сабе, што і мяне ён таксама перажыве, я адчуваю амаль што фізычны боль.